помнік стараж.-рус. дойлідства ў г.Ноўгарад. Пабудаваны ў 1045—50 кіеўскімі майстрамі ў дзядзінцы (крамлі) з каменю (скляпенні і аркі з цэглы-плінфы) на ўзор Кіеўскага Сафійскага сабора (толькі меншых памераў). Быў кафедральным саборам. Храм крыжова-купальны 5-нефавы 5-купальны 3-апсідны, абкружаны з трох бакоў напачатку 1-яруснымі, пазней — высокімі закрытымі 2-яруснымі галерэямі. З зах. боку ў галерэю ўбудавана масіўная вежа з лесвіцай, што вядзе на хоры. Сабор вылучаецца суровай магутнасцю і прастатой форм, сціпласцю дэкору. Захаваліся фрагменты фрэсак (2-я пал. 11 ст., 1108, 1144), зах. бронзавыя, т.зв. Карсунскія вароты (1152—56), абразы сярэдзіны 14 — пач. 15 ст. Сабор часткова пашкоджаны ў 1941—44, рэканструяваны. Цяпер музей і адначасова дзеючы храм.